Адрес: 223232, Минская обл., г.Червень,
пл. Свободы, 1

E-mail: isp@cherven.minsk-region.by (для деловой переписки), электронные обращения для обращений граждан и юридических лиц

Телефон: +375 (1714) 2-60-51

Факс: +375 (1714) 2-82-32

Режим работы: Пн.-Пт., 8:00 - 17:00, обед 13:00-14:00, вых. Сб.-Вс.

КУДА ОБРАТИТЬСЯ

Мы в социальных сетях:
 
Среда, 09 января 2019 года, 16:27

Спорт: кубак чэмпіёнаў — у юнакоў

Спорт: кубак чэмпіёнаў — у юнакоў

Апошнім акордам спартыўнага 2018 года на Чэрвеншчыне стаў міні-футбольны чэмпіянат раёна. Па напалу барацьбы і эмоцыях гэтыя спаборніцтвы без перабольшання можна назваць адной з самых яркіх яго падзей.

На першым этапе ў доўгі шлях да чэмпіёнства выправіліся дзесяць каманд. У групе “А” тры пуцёўкі ў фінальную стадыю турніру аспрэчвалі прадстаўнікі чэрвенскіх камунгаса, раённага аддзела ўнутраных спраў, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, будаўнічага ліцэя, лясгаса і ветэраны футбола. У групе “Б”, дзе права пайсці далей давала толькі першае месца, гулялі каманды смілавіцкіх аграрнага каледжа і сельгасліцэя, зборная мясцовых школ і “Запольскае”.

Першы паўфіналіст вызначыўся ў Смілавічах. Тут не было роўных школьнікам, якія не пакінулі шанцаў усім сваім сапернікам. А вось у Чэрвені барацьба была доўгай і ўпартай.
Упэўнена прайшлі адборачны этап толькі футбалісты ЖКГ. Прычым, упэўнена настолькі, што пасля чатырох перамог змаглі сабе дазволіць не гуляць пяты матч з камандай РАУС.

Міліцэйская ж дружына папсавала нервы сабе і сваім прыхільнікам, згуляўшы дзве сустрэчы ўнічыю. Але ў выніку адзіная ў групе з нулём у графе “паражэнні” выйшла ў фінальную стадыю чэмпіянату з другога месца.

У апошні вагон ускочыла каманда СДЮШАР, гульня якой даволі прывабна выглядала на фоне сапернікаў, але не заўсёды прыносіла так патрэбныя ачкі. Праўда, на фінішы групавога этапу ў юнакоў усё склалася добра: пераканаўчая вікторыя ў матчы з ветэранамі і тэхнічная перамога над камандай будаўнічага ліцэя вывела іх на трэцяе месца ў турнірнай табліцы.

Паўфінальныя пары чэмпіянату былі сфарміраваныя шляхам жараб’ёўкі. Смілавіцкім школьнікам дасталася ў сапернікі каманда СДЮШАР. Адпаведна, ЖКГ і РАУС давялося высвятляць адносіны паміж сабой.

Чэрвенскія юнакі ад пачатку сустрэчы са смілаўчанамі пайшлі наперад, і ўжо на 4-й хвіліне Мікалай Курбанаў адкрыў лік. У далейшым каманда СДЮШАР шмат атакавала, аднак з рэалізацыяй галявых момантаў былі праблемы. Таму да перапынку лічбы на табло не змяніліся.

А вось у другім тайме стала відавочным, што смілаўчанам не хапае фізічных кандыцый, каб на роўных супрацьстаяць сапернікам на пляцоўцы істотна большай па памерах, чым іх хатняя. Чэрвенцы спаўна выкарысталі гэтую акалічнасць. Дзякуючы хет-трыку Ягора Ваяводзіна, СДЮШАР перамагла з лікам 4:0 і выйшла ў фінал чэмпіянату.

У другім паўфінале мячы таксама ўляталі выключна ў вароты адной каманды. Футбалісты РАУС дамінавалі на пляцоўцы, у тым ліку і таму, што камунгасаўцам давялося гуляць адной чацвёркай. Заяўку на перамогу міліцэйская каманда зрабіла ўжо ў дэбюце сустрэчы, калі на 2-й хвіліне вароты ЖКГ распячатаў Міхаіл Тарасік. Да перапынку галявую перавагу падвоіў Дзмітрый Чысты. У другім тайме Сяргей Качановіч, Міхаіл Тарасік і Дзмітрый Чысты давяршылі разгром каманды камунгаса – 5:0.

Шанц заваяваць медалі футбалісты ЖКГ атрымалі ў матчы за трэцяе месца са смілавіцкімі школьнікамі. У першым тайме смілаўчанам хапіла сіл толькі на стартавыя дзесяць хвілін гульні, якія скончыліся ўнічыю – 2:2. Але ўжо да перапынку камунгасаўцы выйгравалі з лікам 6:2. А пасля перапынку школьнікі здолелі ачомацца толькі пры ліку 10:2 і ў канцоўцы забілі тройчы. Аднак гэта іх не ўратавала: 12:5 – перамога каманды ЖКГ.

Пачатак фінальнага матча паміж футбалістамі СДЮШАР і РАУС склаўся ўдала для юнакоў. Як і ў паўфінале са смілаўчанамі, ужо на 4-й хвіліне сустрэчы Мікалай Курбанаў адкрыў лік, а яшчэ праз чатыры хвіліны Ягор Ваяводзін умацаваў перавагу сваёй каманды – 2:0. Аднак міліцыянеры не збіраліся здавацца без барацьбы: неўзабаве Дзмітрый Равіна скараціў разрыў у ліку. Праўда, яшчэ да перапынку СДЮШАР аднавіла розніцу ў два мячы: вызначыўся Аляксей Грабянок.

Большая частка другога тайма сустрэчы прайшла ў роўнай барацьбе. Лік на табло памяняўся ўсяго двойчы. І абодва разы – на 21-й хвіліне. Спачатку мяч з пенальці забіў Ягор Ваяводзін, а потым контратаку РАУС дакладным ударам завяршыў Сяргей Качановіч. У апошнія хвіліны матча юнакам давялося больш абараняцца, чым ісці наперад. І яны паспяхова справіліся з задачай, захаваўшы свае вароты ў недатыкальнасці – 4:2.

Залатыя медалі і кубак чэмпіянату заваявалі Андрыян Мурашка, Мікалай Курбанаў, Аляксей Лявонцьеў, Ягор Ваяводзін, Юрый Весялоў, Аляксей Грабянок, Захар Каражан, Эрык Аруцюнян, Арцём Кацько і Дзяніс Зімін. У дадатак Мікалай Курбанаў атрымаў прыз лепшага іграка турніру.

Перамогу каманды СДЮШАР нельга назваць выпадковасцю. Рыхтуючы хлопцаў да ўдзелу ў юнацкім чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па міні-футболу, трэнер каманды Дзмітрый Чысты і яго памочнік Ігар Шмідаў змаглі стварыць згуртаваны, баяздольны калектыў. А ў матчах першага круга гэтых спаборніцтваў ігракі, якія выступаюць за чэрвенскі “Колас-Дарожнік”, атрымалі неацэнны гульнявы вопыт. Хочацца спадзявацца, што паспяховы ўдзел у чэмпіянаце раёна надасць нашым юнакам дадатковыя сілы і настрой на далейшую барацьбу за выхад у фінал прэстыжнага рэспубліканскага турніру.

Вынікі матчаў групавога этапу

Група «А» (Чэрвень):

Будаўнічы ліцэй – «Ветэран» – 12:5, Лясгас – СДЮШАР – 4:6, СДЮШАР – РАУС – 0:1, «Ветэран» – РАУС – 2:2, ЖКГ – «Ветэран» – 7:3, ЖКГ – СДЮШАР – 6:3, Лясгас – ЖКГ – 2:7, РАУС – Лясгас – 7:6, Будаўнічы ліцэй – РАУС – 5:5, СДЮШАР – Будаўнічы ліцэй – 5:0 (тэхн.), «Ветэран» – Лясгас – 5:3, Будаўнічы ліцэй – ЖКГ – 7:11, СДЮШАР – «Ветэран» – 3:1, Лясгас – Будаўнічы ліцэй – 0:5 (тэхн.), РАУС – ЖКГ – 5:0 (тэхн.).

Група «Б» (Смілавічы):

Зборная школ – Сельгасліцэй – 6:4 , «Запольскае» – Аграрны каледж – 1:3, Зборная школ – «Запольскае» – 4:2, Аграрны каледж – Сельгасліцэй – 4:2, Зборная школ – Аграрны каледж – 5:0, Сельгасліцэй – «Запольскае» – 2:0.

 2019 01 09 16 28 33

 

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

233 раз (а)

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.cherven.minsk-region.by/ru/novosti/novosti-rajona/item/5824-sport-kubak-chempiyona%D1%9E-%E2%80%94-u-yunako%D1%9E.html#sigProGalleria0f9775f220